Іван БОСЫ намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Старагабскай школы-сада Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Роднае слова 3/2003
“I ў дзень дачарнобыльскі дням не вярнуцца...”
Канцэрт-рэквіем
Гучыць арганная музыка. урачыстая, жалобная...1–ы чытальнік.
Па шляхах і вёсках Беларусі...
А чаму, сцвярджаць я не бяруся,
Гэтак пасівелі палыны -
Не растуць зялёнымі яны.
Горкі смак у гэтых палыноў...
Бразгаюць на досвітку даёнкі,
Ды з хлявоў спяшаюцца буронкі
Не да палыновых курганоў:
Вельмі горкі смак у палыноў...
2–і чытальнік.
і ўпала з неба вялікая зорка,
якая гарэла, нібы свяцільня,
і ўпала на трэцюю частку рэк
і на крыніцы вод.
Імя гэтай зорцы - Палын;
і трэцяя частка вод
зрабілася палыном,
і многія з людзей памерлі ад вод,
таму што сталі яны горкія.
3–і чытальнік.
Промні ў небе раскіне,
Спапяляючы вочы
Чалавечай гардыні.
Сярод дня, сярод ночы,
Сярод енку людскога
Яна ўспыхне аднойчы -
Пылам стане дарога.
Стане каменю горка,
Мёртвы ўсцешыць жывога,
Калі выспее зорка
Палыновага бога.
4–ы чытальнік.
I каласы, і яблыкі, і песні.
Чакалі - будзе шчодрым тое лета.
I раптам -
Скаланулася планета.
5–ы чытальнік.
I раптам зямля задрыжала, працятая болем.
Нябачна, нячутна бяда папаўзла па-над полем,
Па вёсках, па сэрцах, па душах людскіх папаўзла.
Бяда напаўзла няўмольная, быццам вайна.
Яна не страляла, але і жыцця не давала.
Яна забівала,
Павольна, ды ўсё ж забівала.
Нябачна, нячутна, ды ўсё ж забівала яна!
6–ы чытальнік.
Змагання жыцця з небыццём,
I грукаўся, грукаўся кожнаму ў дзверы
Чацвёртага блока разлом.
Агонь, радыяцыя люта звярэлі,
Кіпелі графіт і смала.
Не грэшнікі - слаўныя хлопцы гарэлі...
I зона маўчання была.
Музыка змаўкае.
7–ы чытальнік.
Лейтэнант Віктар Мікалаевіч Кібянок.
Сяржант Мікалай Васілевіч Вашчук.
Старшы сяржант Васіль Іванавіч Ігнаценка.
Старшы сяржант Мікалай Іванавіч Ціцянок.
Сяржант Уладзімір Іванавіч Цішчура.
Светлая памяць тым, што першымі зрабілі крок насустрач невядомаму, што цаной уласнага жыцця, цаной жудасных пакут абаранілі нас, нашу зямлю, увесь свет. Пасля іх былі сотні, тысячы мужных людзей, якія працавалі, трацячы здароўе, там, дзе не вытрымлівалі электронныя робаты. Але шасцёра пажарнікаў, якія тушылі полымя рэактара ў жахлівую ноч 26 красавіка 1986 г., назаўсёды застануцца першымі.
Вучань чытае верш Г. Бураўкіна “Год за годам сеяць нам і жаць...”1–ы чытальнік. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС з рэактара, які ўтрымліваў 190,2 т ядзернага паліва, у навакольнае асяроддзе было выкінута каля 4 тон адпрацаванага паліва (1018 бекерэляў радыенуклідаў ёду, цэзію, цэрыю, барыю, стронцыю, плутонію і іншых ізатопаў). Радыенукліднае забруджванне ахапіла, па сутнасці, усю тэрыторыю Беларусі. Але на поўны голас пра гэта загаварылі толькі праз 4 гады пасля аварыі.
Паводле I. Кеніка.
2–і чытальнік.
Еўропу трывога гняла.
Зашкальвала ўсё чалавечае гора...
I зона маўчання была.
Пляваўся атрутнаю параю кратэр,
Злавесныя хмары плылі.
А людзі ў Нароўлі да майскага свята
Двары, тратуары мялі.
У вёсках гароды рабілі жанчыны,
Чаромха буяла, цвіла...
Кацілі ад Кіева прэч лімузіны -
I зона маўчання была.
А мне і цяпер на хапае азону,
Не выбрацца з даўкага тхла...
Яшчэ не было адгароджанай зоны,
А зона маўчання - была.
3–і чытальнік.
Нясцерпны - жар прадоння за спіной...
Крычаць - ганебна і маўчаць - ганебна
Перад такой бядой, такой віной...
Уключаецца запіс гучання званоў.
4–ы чытальнік.
Як у жудасным сне,
Напамінам прарочым
Скаланула мяне -
Бліскавіцай урану
Можна свет спапяліць,
I пякельнаю ранай
Мне Чарнобыль баліць.
Больш не радуюць кветкі
I не клічуць грыбы.
Не магу я быць гэткім,
Як да гэтага быў.
Розум змрочным тыранам
Будзе роспач цвяліць.
Незагойнаю ранай
Мне Чарнобыль баліць.
Званы змаўкаюць.
5–ы чытальнік.
Ці ж вінаваты
Хоць на імгненне ён у тым,
Што стаў аднойчы чорнай датай,
Каб ёй застацца назаўжды?
Гучыць песня “Жураўлі на Палессе ляцяць” (музыка I. Лучанка, словы А. Ставера).
6–ы чытальнік.
Чую песню.
На сэрцы - журліва.
Як бы іх на ляту пераняць,
Папярэдзіць бы клін жураўліны.
Не ляціце пакуль што туды,
Там, дзе Прыпяць разліта шырока.
Там дыханне няўцешнай бяды
Узлятае штодня пад аблокі.
Нельга іх ні вярнуць, ні стрымаць...
Закурлыкалі штось, закрычалі.
Жураўлі на Палессе ляцяць,
Прападаюць у ядзернай далі.
I ніякай здагадкі пра смерць.
У засмужанай далі знікаюць.
I не могуць туды не ляцець:
Там, над Прыпяццю, гнёзды чакаюць.
I не могуць свой край пакідаць,
Іх чакае там сонца ў зеніце..
. Жураўлі на Палессе ляцяць.
Як сказаць ім: туды не ляціце...
Песня заканчваецца.
7–ы чытальнік.
Зорыш пагаслых крыніц вачыма.
Некаму ты -
Ачужэлая зона,
Сэрцу майму ты да скону -
Радзіма!
Далей - на фоне арганнай музыкі.
1–ы чытальнік.
Асіраціла хаціну
I дзверы забіла, і вокны
Заткала бяльмом павуціны.
I хоць сонца свеціць, як некалі,
Але ўсё ў душы ледзянее.
Цярновым вянком на хаціне
Пустая буслянка чарнее.
А ў садзе няма каму цешыцца,
Хоць гнуцца ад яблыкаў дрэвы
Спакусліва, ды ў белым раі
Ні Бога, ні чорта, ні Евы.
2–і чытальнік.
Спалі нашы вішні;
Як мне маліцца,
Каб пасохлі клубніцы;
Хто паслухаць захоча,
Каб пажухлі гурочкі;
Хто паможа у горы,
Спрахлі каб памідоры;
Што зрабіць я павінна, Каб уся садавіна,
Абляцела за ночку
Ў маім родным садочку.
Ты бяссільны, ўсявышні,
Як па яблыку - вішні,
А яблыкі - па качану.
I кляну я цябе, і кляну
За гуркі і за грушы,
Што іх спеліш - не сушыш,
Што не шлеш недарод
На мой сад і гарод
Ў гэты год.
Страшны год.
Усё просіцца ў рот.
А на ўсім гэтым - ёд.
Гучыць “Пахавальнае шэсце”.
3–і чытальнік.
чорнай долі сляза ўпала.
Страшна йсці па зямлі чалавеку,
што пагостам зарослым стала.
4–ы чытальнік.
Чым жа вы прад людзьмі вінаватыя?
Прыляталі вы з добрымі весткамі,
Клекаталі над роднымі хатамі,
Над шляхамі, над спелымі нівамі
Вы кружылі ў небе высока...
Вы махалі нам белымі крыламі
На расстанне з-пад белых аблокаў...
Вы вясну на Палессе прыносілі,
Майстравалі буслянкі да вечара...
А калі людзей з вёсак вывозілі,
Вы кружыліся ў небе знявечаным.
Клекаталі ўслед сіратліва
Над пустымі, бязлюднымі вёскамі.
Вашы белыя, белыя крылы
Ад бяды пачарнелі чарнобыльскай...
Гучыць “Паланэз Агінскага”.
5–ы чытальнік.
Гэтым шляхам ніколі -
На апошнюю ростань,
На спатканне з былым.
Белай стужкай дарога
Раскацілася ў полі,
А па ўзбоччы дарогі -
Толькі шызы палын.
Ад запозненай мары,
Ад шчаслівай трывогі
Мне навек застанецца
Сумна-горкі ўспамін.
Сонцам плавіцца далеч,
Дзень самлеў ад знямогі,
А па ўзбочы дарогі -
Толькі шызы палын.
6–ы чытальнік.
Я здолеў пабыць
Толькі хвіліну ў тваіх меданосах.
Смачна пяюць паласатыя восы,
Так, што ад шчасця мог бы завыць.
Як і ў маёй меданоснай дзяржаве,
Тут, на прагорклай ад болю зямлі,
Што і манголы скарыць не змаглі, -
Раны Чарнобыля чорна крывавяць.
Тут памірае
Маленькая Таня
Ад лейкеміі - нябачнай атруты.
Тут ходзіць смерць -
яе чорныя здані
Ладзяць свае смертаносныя путы.
Вось жарабец малады аступіўся
Не ад таго, што не быў падкаваны, -
Чорнай
3 крыніцы вады ён напіўся,
Мёртвай вады - Гэтым ён пакараны.
Вось завывае сабака ля плоту.
Ці на сваю ён забыўся работу?
Можа, намуляў ланцуг моцна шыю?
Можа, яго гаспадар недагледзеў?
“Не”- мне адказваюць ціха суседзі.
Значыць, і ў Шарыка лейкемія.
Плачуць Амерыкі,
Плачуць Еўропы,
Помніцца там беларусам Палессе,
Дзе шчыравалі Міколы, Пракопы,
Дзе цалавалі Таццянаў, Алесяў...
Плача матуля Ля сцішанай Тані.
Болей ніколі Дзяўчынка не ўстане...
7–ы чытальнік.
О, мая Беларусь, не хварэй!
Страшна мне,
Што твой голас,
Пявучы і звонкі,
Так асекся, аслаб,
Што калі яго чую -
Супыняецца сэрца
I жыць не хачу я.
Не хварэй!
О, мая Беларусь, не хварэй!
Страшна мне,
Што твой позірк,
Ласкавы і чысты,
Так прыцьмеў і схмурнеў,
Што калі яго бачу -
Разрываецца сэрца
I горка я плачу.
Не хварэй!
О, мая Беларусь, не хварэй!
Страшна мне,
Што твае шаўкавістыя косы
Так станчэлі -
Няйначай адваляцца скора...
Маці!
Як цябе выбавіць з гэтага гора?
1–ы чытальнік.
самотныя кветкі -
для шчасця ўзраслі,
ды ў горы жывуць.
Звіняць галасочкі,
нібыта званочкі,
ды болю жаночаму
спаць не даюць...
Вучні чытаюць урыўкі з сачыненняў, змешчаных у кнізе “След чорнага ветру”.
«Зараз, калі мяне мучаюць болі галавы, сэрца вырываецца з грудзей ад безвыходнасці I калі я ляжу ў бальніцы пад кропельніцай, я думаю: “Чаму гэта здарылася? Што будзе са мной далей? Якія ў мяне будуць дзеці і ці будуць яны ў мяне наогул?”. Адказаў на свае пытанні я не знаходжу... Хто дапаможа мне іх знайсці?..»
Лена Кавенка, СШ № 9, г Рэчыца.«Мама сказала, што ў яе сястры нарадзіўся сын, што трэба схадзіць, падтрымаць... Я нічога не разумела, што значыць “падтрымаць”, калі дзіця - гэта радасць, шчасце, тым больш, што сям'я так доўга чакала першынца...
- Галя, Галечка... - абняла мама сястру.
Нечакана і страшна заплакаў нованароджаны. Галя выняла сына з люлькі і ўзяла на рукі.
Я жахнулася, убачыўшы яго галаву з амаль адкрытым чэрапам, дзе нешта пульсавала, стукала, жыло. Я выскачыла на вуліцу, пабегла па цёмным двары і ледзь не страціла прытомнасць. А ў доме бесперапынна плакаў хлопчык, які звар’яцеў яшчэ да таго, як з’явіўся на свет...»
“Мне - 12 год, я інвалід: у нашым доме паштальён прыносіць пенсію мне і дзядулю. Дзяўчынкі ў класе, калі даведаліся, што ў мяне рак крыві, баяцца са мной сядзець... Дакрануцца... Урачы сказалі: я захварэла, таму што тата працаваў у Чарнобылі. А я пасля гэтага нарадзілася...
Я люблю тату...”
Чытаецца раздзел “Чарнобыльскі воўк” з паэмы С. Законнікава “Чорная быль”. На фоне арганнай музыкі гучаць выступленні чытальнікаў.
2–і чытальнік.
Што я сыну скажу?
На людзей і навуку
Я іначай гляджу.
I віной дараванай
Гора не адбяліць
Невылечнаю ранай
Мне Чарнобыль баліць.
Як ва ўсім разабрацца
Нам без жудасных сноў,
Каб агонь радыяцый
Не ўзвіхурыўся зноў,
Каб не слалі праклёну
Нам ні воўк, ні мядзведзь?
Будзе, будзе да скону
Мне Чарнобыль балець...
3–і чытальнік.
I светлую памяць... I гасіць усход...
I яснага сонца ўсё меней і меней,
А чорнага сонца ўсё болей штогод.
4–ы чытальнік.
На чарнобыльскім крыжы,
Забыты Богам,
Кінуты людзьмі,
За што, мой край, пакутуеш,
Скажы,
П’ючы
Атруты стронцый
Што ні міг?
5–ы чытальнік.
Злавесным смуродам,
Атручаны скрозь
Наш прытулак зямны.
У бесперапынным змаганні
3 прыродай
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.
Цярновы вянок
Не знялі з роднай мовы,
Ды зноўку яе
Валакуць да сцяны.
Калі забіваюць
Матуліна слова,
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.
Мы звыклі ў цяжкую часіну кідацца
На пошук чужой,
А не ўласнай віны.
I ў тым,
Што на ўсё
Ёсць у нас апраўданне,
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.
Музыка змаўкае.
6–ы чытальнік.
Божа Ўсявышні!
Дай майму краю
І лекі, і сілы.
Хіба ў славянскім свеце ён лішні,
Каб станавіцца
Брацкай магілай?
Ён і радзінны.
Ён і гасцінны.
Людствам прызнаны
I шанаваны.
Мае і нафту,
I соль, і лясіны,
Жыта каронай
Каранаваны.
Чым жа прад светам
Ён вінаваты?
Кім?
Iза што?
I навошта пракляты?
Самотна гучыць песня “Аvе Маrіа”. На фоне яе вучаніца чытае маналог “Адзінокі чалавечы голас” з “Чарнобыльскай малітвы” С. Алексіевіч. Адразу пасля слоў “...я буду шаптаць сваю чарнобыльскую малітву” ўключаецца магнітафонны запіс малітвы “Ойча наш”. Затым выходзіць настаўнік і два вучні малодшых класаў, хлопчык і дзяўчынка. Настаўнік чытае верш Г. Бураўкіна, дзеці разам паўтараюць апошнія рытарычныя пытанні.
Настаўнік.
А па лузе ідуць хлапчанё і дзяўчынка.
Вецер шастае колкі.
Дробны дожджык імжыць.
I хто ведае, колькі
Засталося ім жыць.
Дзеўчанё яснавокае і хлапчук светла-русы.
Па вясновай сцяжынцы ідуць беларусы.
Узіраюцца ў неба зусім без апаскі,
Каля сцежкі зрываюць паніклыя краскі,
I прагрэс перад позіркам іхнім дрыжыць:
“А ці будзем мы жыць?
А ці будзем мы жыць?”.